Русская версия
English version
Wersja polska

Гуслі на продаж

Аб майстры. Маё імя Алесь Чумакоў. Мне 23 гады. Я ужо 3 гады займаюсь вырабам гусляў, вывучэннем гісторыі гэтага інструмента, тэорыі і практыкі гусельнага майстэрства. Мой настаўнік Зміцер Сасноўскі, кіраўнік гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса", музыка, гісторык, адзін з вучняў славутага латышскага майстра музычных інструментаў Донатса Вуцінса. Пэўную колькасць работ я зрабіў пад кіраўніцтвам Зміцера, зараз вырабляю гуслі самастойна.

Замовіць інструмент. Па дамоўленасці я магу зрабіць любы з тыпаў гусляў, апісаных на сайце, як на гэтай старонцы, так і на старонцы "Гісторыя гусляў". Пры выстаўленні коштаў я ўлічваю складанасць замоўленага інструменту, беларускі інструмент ці не (з патрыятычнай нагоды беларускія гуслі больш танныя).


Фота і апісанне некаторых маіх работ


5-струнныя кантэле. Гэты тып гусляў вядомы ва ўсіх прыбалтыйскіх краінах і Фінляндыі, як адна з самых ранніх формаў дзяўбаных гусляў. Верагодна, што такія гуслі існавалі на Беларусі, але звестак пра гэта не знойдзена. Першыя археалагічныя знаходкі гусляў такога тыпу датуюцца XVI стагоддзем (Фінляндыя). Але ў упэўненасцю казать, што гуслі такога тыпу маладзей крылападобных або шлемападобных - нельга.

На такіх гуслях магло быць ад 5-ці да 9-ці струнаў. Калі больш 9 струнаў - атрымліваем прынцыпова іншы гук, іншую традыцыю музыцыравання і іншую тэхналогію вырабу, хай знешняе падабенства з інструментам на фота і застаецца.

Матэрыял корпуса - бяроза, матэрыял дэки (галасной дошкі) - елка.


6-струнныя кантэле. Інструмент зроблены па матывах народных фінскіх інструментаў з характэрнымі формамі дзяўбанага корпуса, струнатрымальніка, аздабленчага завітку. Тыльны бок - акруглы.

Манеры ігры. Першая магчымая - гэта звычайная, дзе левае рука глушыць струны, а вось другая магчымая манера ігры - характэрная менавіта для такіх інструментаў - абедзве рукі граюць мелодыю, перабірая струны, прычым у кожным акордзе кожнаму ігравому пальцу адпавядае свая струна (звычайна выкарыстоўваюцца вялікі, указальны і сярэдні пальцы абедзвух рук).

Да інструмента на фатаздымку быў сшыты мяккі трохслойны чахол (кожзам/паралон/поклада) з рамянём і ручкай для пераноскі. Такі чахол дапамагае зберагчы інструмент у дарозе ад удараў, вільготнасці і холада. А пры захаванні - ад самога галоўнага ворагу ўсіх музычных інструментаў - ад пылу.


6-струнныя кантэле. Гэта такія ж кантэле, што і ў папярэднім прыкладзе, за невялікім адрозненнем.

На гэтым асобніку быў праведзены эксперымент. У кнізе А.С.Фамінцына быў прыведзены малюнак архаічных гусляў (фота інструменту з Санкт-Пецярбургскай калекцыі), на якіх не захавалася струнаў, але рэстаўратары пакінулі калок у дэкаратыўным завітку, у дапаўненне да калкоў, якія размешчаныя па мяжы корпуса (лінія калкоў). Звычайна завіток у гуслях такога тыпу не выкарыстоўваецца зусім, ці праз адтуліну ў ім працягваецца матузок або пас, каб іграць стоячы, ці каб вешаць інструмент на сцяну.

У гэтых гуслях я паспрабаваў нацягнуць дадатковую, шостую, найбольш доўгую струну (бас) да калка, які ўкручаны ў дэкаратыўны завіток. Ніякіх звестак пра тое, што гэта тыповая з'ява, няма. Аднак такія гуслі сустракаліся. І, як вынік эксперымента, граць на такім інструменце больш прыемна, чым на гуслях з басам звычайнай даўжыні. Вядома, што чым даўжэй бас, тым большы сэнс набывае ягоная наяўнасць.


8-струнныя кантэле. Інструмент зроблены з улікам асаблівасцяў формы, тэмбру і манеры грання на гуслях-кантэле, якія сустракаліся у Віцебскай вобласці (суч. Беларусь) па XIX - пач. XX стагоддзя. Ніжняя мяжа гэтага перыяду невядомая, хаця спасылаючыся на меркаванне Н.І.Прывалава, гэтую мяжу тэарэтычна можна паставіць ледзь не на перыяд перасялення славянаў (VI-VII стст.).

Не даказана, што кантэле былі распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі, але перанясенне асаблівасцяў крылападобных гусляў на кантэле можна лічыць добрым эксперыментам. Цалкам жыццяздольным.

У дачыненні да гэтых гусляў можна ўжыць эпітэт "звончатыя", таму што гуслі настроеныя высока (c#2 - d3) і нацяжэнне металічных струнаў гэтых гусляў параўнальна вялікае. Строй: c#2, e2, f#2, g#2, a2, h2, c#3, d3.

Манера грання апісаная ў Прывалава: граюць седзячы, гуслі прытулены да жывата (калкі злева, найбольш доўгая струна ўнізе). Левая рука глушыць струны. Правая "вышчыпвае" або "бразгае".


13-струнныя кантэле. Верагоднасць існавання такіх гусляў апісаная ў працах Н.Прывалава.

У выглядзе эксперымента па выбару матэрыяла для гусляў, гэтыя гуслі зробленыя з бярозы. Бяроза больш шчыльнае дрэва і інструмент выходзіць больш цяжкім. Бяроза надае інструменту своеасаблівы тэмбр, хаця гучыць у асноўным яловая дэка. У гэтай мадэлі ніякага сэнсу ў наяўнасці "крыла" папросту няма, таму што "крыло" павінна быць лёгкім і ўзмацняць гук.

Таму як настолькі вялікая колькасць меладычных струнаў у народнай музыцы з'ява абсалютна бессэнсоўная, у мадэлі на фотаздымку цэлых 4 струны гуляюць ролю басу. Т.е. гэта больш нізкія струны, якія гучаць заўсёды, або амаль заўсёды, т.е. "бурдоны" або "гуки" (бел. нар. назва). Вядома, што даўняя балцкая музыка была бурдоннай. Таксама вядома, што ў дуды (бел. нар. назва беларускай дуды) бывала да 8-мі бурдонаў. Аднак невядома, колькі з іх гучала адначасова. Для гусляў я спыніўся на лічбе 4. Гэта зручна і прыемна.


7-струнныя лірападобныя гуслі (гуслі з ігравым акном). Ёсць падставы лічыць, што гуслі такога тыпу былі вядомымі на шляху "з варягаў у грэкі" на працягу IX-XIV стагоддзяў. Пакуль прамыя звесткі аб іх існаванні знойдзены толькі ў Ноўгарадзе (Расія), Гданьску і Аполі (Польшча). Я лічу, што гэты інструмент не мог абмінуць такія культурныя цэнтры, як Кіеў і Полацк. Гэты спіс гарадоў можна пашыраць далей, але даручым гэтую справу археолагам. Калі ёсць звесткі пра існаванне гусляў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў XII ст. (Н.Прывалаў), то верагодна, што гэта маглі быць гуслі ці шлемападобныя, ці лірападобныя (з ігравым акном).

Трошкі пра інструмент на фотаздымку. Інструмент падобны на гэты быў знойдзены ў Ноўгарадзе ў слаях XIII ст. 7 струн, адна з іх бурдонная з абмоткай, строй астатніх (стальных) - дыятанічны. Па меркаванню У.І.Паветкіна выкарыстанне металічных струн цалкам абгрунтавана і паццверджана археалагічнымі знаходкамі і эксперыментальнай археалогіяй. На дэкаратыўным завітку вырэзаны дзьве птушкі, падобныя на птушак з Наўгародскай знаходкі.

Верагодныя тэхнікі ігры: 1) гуслі трымаюць вертыкальна, правае рука вышчыпвае або бразгае, левае рука праз "акно" глушыць струны не ўваходзячыя ў акорд і зашчыпвае гэтыя ж струны па неабходнасці; 2) гуслі трымаюць вертыкальна, правае рука вядзе меладычную партыю, левая - рытмічную бурдонную праз ігравое акно на першай струне; 3) гуслі ставяць на калены тыльным бокам да жывата, правая рука вышчыпвае або бразгае, левая рука зверху глушыць струны не ўваходныя ў акорд і зашчыпвае гэтыя ж струны па неабходнасці, "акно" не выкарыстоўваецца.


9-струнныя лірападобныя гуслі (гуслі з ігравым акном). На фота прадстаўлены яшчэ адзін мой інструмент з серыі прац па матывах наўгародскіх археалагічных знаходак. Гэтыя гуслі - рэканструкцыя гусляў - знаходкі XIII стагоддзя.

Колькасць і месца знаходжання галаснікоў і лад інструменту - мой уклад у рэканструкцыю - выбраны, зыходзячы з вядомых больш позніх народных аналагаў. Дэка ў археалагічным арыгіналу не захавалася, таму не вядома, ці былі галаснікі ўвогуле. Я правёў эксперымент, выканаўшы тры аналагічных працы, якія адрозніваюцца толькі колькасцю і формай галаснікоў: 1) без галаснікоў, 2) з адным круглым галасніком з дыяметрам адтуліны 4 мм, 3) з адным цэнтральным (6 мм) і васьмі роўнааддаленымі (4 мм) галаснікамі - гэты інструмент.

Інструмент пададзены на фота - найбольш гучны і мае найбольш багаты тэмбр (у вас ёсць магчымасць праслухаць прыклад гучання). Магчыма, што, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, галаснікі на лірападобных гуслях усё ж былі.


10-струнныя крылападобныя гуслі. Інструмент зроблены па латгальскай традыцыі. Такія гуслі вядомыя з XIV стагоддзя (Наўгародскія раскопкі) па сённяшні дзень захаваліся ў народнай традыцыі у Латгаліі (Латвія), і Расіі (Наўгародская і Пскоўская вобласці). Былі распаўсюджаныя ў Беларусі (Віцебская вобласць), але ў першай полове XX стагоддзя традыцыя спынілася.

Манера грання апісаная ў Прывалава: граюць седзячы, гуслі прытулены да жывата (калкі злева, найбольш доўгая струна ўнізе). Левая рука глушыць струны. Правая "вышчыпвае" або "бразгае".

Адкрылак ў гэтых гуслях для таго, каб ямчэй размясціць левую руку, для ўзмацнення гуку, і для таго, каб прыдаць дадатковую "прыгажосць" да тэмбравай афарбоўкі гуку.

Да інструмента на фотаздымку быў сшыты мяккі трохслойны чэхол (кожзам/паралон/падшэўка) з рамянём і ручкай для пераноскі. Такі чэхол дапамагае зберагчы інструмент ў дарозе ад удараў, вільготнасці і холада. А пры захоўванні - ад самога галоўнага ворага ўсіх музычных інструментаў - ад пылу.


7-струнныя крылападобныя гуслі. Такі ж інструмент, што і ў папярэднім выпадку, толькі з меншай колькасцю струнаў.

Я вылучыў для такіх гусляў наладу без бурдона, г.зн. усе струны з першай па апошняй наладжваюцца ў дыятанічную гаму.

Памяншэнне ліку струнаў не дужа адбіваецца на магчымасцях інструменту, але робіць больш простым гранне на ім. Гэтыя гуслі - ідэальны варыянт для пачынаючага музыкі-"гусляра".


3-струнны гудок. Рэканструкцыя смычковага музычнага інструменту, XIII-XIV стагоддзе, Пскоў, Ноўгарад.

Лічыцца што гэты раннеславянскі музычны інструмент агульны для ўсіх усходніх славянаў. Першыя ўпамінанні: V-VI стст. н.э.

Адна меладычная струна, дзве бурдонных. Тэхніка ігры: інструмент ставіцца на калены вертыкальна, правае рука водзіць лучэц, левая прыстаўляе пальцы да меладычнай струны (злёгку дакранаючыся).


E-mail для кантактаў: edellin@mail.ru.

Алесь Чумакоў. Менск. 2004 год.

Rating All.BY Находится в каталоге Апорт



E-mail для кантактаў: edellin@mail.ru
Больш даведацца пра беларускую гусельную музыку
можна на сайце гурта сярэднявечнай беларускай музыкі
Стары Ольса: staryolsa.com.

Hosted by uCoz