Русская версия

Бібліятэка: Гуслі

З якой нагоды з'явілася гэтая старонка? Вялікая колькасць зацікаўленых асоб пытаецца па электроннай пошце, у гасцёўні, пры асабістых кантактах, ці ёсць літаратура па гуслях яшчэ, акрамя той невялічкай колькасці інфармацыі, выкладзенай мной на старонках сайта. Так ёсць. Але каб знайсці ў ёй цікавыя моманты пра гуслі, прыдзецца перачытаць цэлыя тамы муці пра становішча беларускай (і ня толькі) навукі, біяграфіі шматлікіх прафесараў і акадэмікаў, жыццёвыя прынцыпы баяніста дзядзькі-Васількі з вёскі Шушуева... і пасля гэтага нарэшце! - два радкі пра гуслі. І ўсё, - саўдэпаўская манера пісаць безсэнсоўную навуковую літаратуру. Запрашаю ўсіх наведвальнікаў сайту да азнакамлення з цытатамі і вытрымкамі з той літаратуры, якую я прагледзіў, а таксама запрашаю да абмена спасылкамі на літаратуру. Я с задавальненнем знайду апісаныя вамі крыніцы і падзялюся цікавымі момантамі з усімі чытачамі.

Цытаты прыведзены па аўтарах:


Паветкін У.І. (Расія) старонка ў Інтэрнет

Крылавідныя1 гуслі XI в. "Славіша". Інструмент знойдзены ў 1975 г. на Троіцкім II раскопе ў слаях XI в... Дзіўнай асаблівасцю Троіцкай знаходкі было тое, што яе дэка была выраблена з дуба2. Іншая асаблівасць гэтай дэталі ў тым, што ў дэцы гусляў XI в. няма рэзанатарнай адтуліны... Адзначая цудоўнае, на сённяшні дзень - унікальнае, гучанне гэтых гусляў, хачу дадаць, што з зачыненай адтулінай яны не згубілі прыгажосці гука. Розніца ў гучанні настолькі мала, что яна заўважна больш тэарэтычна, чым практычна...

Калі ў старадаўніх гуслях і маглі быць адтуліны, то яны, верагодней за ўсё, мелі натуральную прыроду ўзнікнення, як, напрыклад, адтуліна, якая утварылася выпаўшым сучком3...

Адзначана, што корпус гусляў вырабляўся з сырога (невытрыманага) дрэва хвойнай пароды. Даказваецца гэта такім чынам. Калі майстра збіраўся прыклеіць да корпуса верхнюю дубовую дэку, ён раптам заўважыў, што пакуль вырабляў дэку, корпус гусляў падсох и яго "павяло". У выніку атрыманай "васьмёркі" дэка нероўна прыкладвалася да карытца. Таму ў вузкай часцы карытца ён зрэзаў з аднаго боку борцік ніжэй. Устраніўшы такім чынам дэфармацыю, майстра не дапусціў залішняга напружання ў корпусе інструмента. Для лепшай фіксацыі склейкі ён прымацаваў верхнюю дэку дзе-нідзе драўлянымі цвікамі4...

Вядомы строй рога з Аланецкай губерніі, які супадае з старадаўнім строем пяціструннага кантэле. Такую ж праверку можна паспрабаваць зрабіць аднаўляючы паслядоўна сапелі, знойдзеныя ў Ноўгарадзе. Дарэчы, практычная настройка гусляў з-за адсутнасці камертона могла правадзіцца не толькі пры дапамозе духавых інструментаў, але і пры дапамозе варгана. Арыентацыяй для правільнай настройкі інтэрвалаў, верагодней за ўсё, служылі абертоны, якія бяруцца на струне пры "падзяленні" яе на дзьве, тры і пяць частак5...

Поветкин В.И. Новгородские гусли и гудки. Опыт комплексного исследования. // пераклад з рускай: А.Чумакоў.


Саха Х. (Фінляндыя)

Фінскія кантэле. Існуе вялікая колькасць літаратуры па паходжанню інструментаў6, на якіх гралі ў Балтыйскім рэгіёне (Baltic region) і Ноўгарадзе і адзінаццаць інструментаў кантэле, знойдзеных археолагамі пры раскопках старадаўняга Ноўгарада, даціруемых XI-XIV стагоддзямі...

За стагоддзі сваёй гіторыі фінскае кантэле прэцярпела мноства структурных змяненняў. Эвалюцыйна і канструкцыйна кантэле можна падзяліць на тры асноўныя катэгорыі: даўблёныя кантэле, кантэле са зборным на раме корпусам і механізіраваныя кантэле (на манер канцэртных арф)7.

Найбольш старымі кантэле з'яўляюцца кантэле даўблёныя, вырабленыя з аднаго кавалку дрэва з асобнай галасной дошкай: у адных мадэлей - унізе (дно), у іншых - уверсе (пад струнамі) корпуса. Контуры даўблёнага кантэле найбольш прывабныя: форма нагадвае трохкутнік з адной адсечанай вяршынай і неправільнымі бакамі і лініямі. Народныя кантэле да таго ж заўсёды ўнікальны ў дызайне, таму што кожны майстра дадаваў нешта ад сябе, як гэта заўсёды бывае ў народных рамёствах...

Даўблёныя кантэле мелі няшмат струн, звычайна толькі пяць. У даўнія часы струны пляліся з конскага воласу, пазней з меднай і металічнай провалакі. Не было парожка, аб які абапіраліся б струны, якія мацаваліся да калкоў з аднаго боку ды металічнага прута з другога. Пяці-струнныя кантэле настройваліся ў мажорны ці мінорны пентакорд (адпавядаючы пяці першым нотам дыятанічнай гаммы), але сустракалася, што сярэдняя, трэцяя, была "нечым нейтральным", т.е. недзе паміж мажорнай і мінорнай трэцяй ступенню8...

Hannu Saha The Kantele - from Epic to Eclectism. // пераклад з анг.: А.Чумакоў.


Мехнецоў А.М. (Расія)

Крыловидные гусли (д. Кунцово Хвойницкого района Новгородской обл.)Рускія гуслі XI-XX стст. В рускім музычным мастацтве з XII-XVIII стст. назва "гуслі" замацоўваецца за рознымі па паходжанню (у тым ліку ўспрынятымі з еўрапейскай музычнай практыкі) відамі струнных шчыпковых гуслепадобных інструментаў, канструкцыя якіх адпавядае аднаму з асноўных канструкцыйных прынцыпаў гусляў - нацяжэнне струн паралельна рэзанатарнай дошцы9 трохкутныя и шлемавідныя гуслі (гуслі-псалтыр), гуслі-цытры (цітры - пск. дыял.,) прамакутныя (клавіра- ці сталаабразныя) гуслі, а таксама сучасныя мадэрнізаваныя інструменты...

На аснове агульнага канструкцыйнага прынцыпу ў розных этнічных культурах фарміруюцца аднатыпныя ці блізкія па тыпу гуслям інструменты: кантэле (карэлы, фіны), каннэль (эстонцы), кокле (латышы), канклес (літоўцы)10...

"Адкрылак" - частка ліцавога боку дошкі, якая выступае за калковы рад11...

Асноўным матэрыялам для вырабу корпуса гусляў служыць дробнаслойная ель, сасна; у Наўгародскай вобласці пераважна выкарыстоўваецца альха. Для накладной дэкі амаль паўсюль выкарыстоўваецца ель...

Мехнецов А.М. Русские гусли. // Гусли - русский народный музыкальный инструмент: каталог выставки. - СПб.: Фольклорно-этнографический центр, 2003. - 112 с., ил. // пераклад з рускай: А.Чумакоў.


Назіна І.Дз. (Беларусь)

Гуслі тыпу крылавіднай цытры12. У сучаснасць факт існавання гудку і гусляў у беларусаў, як і ў іншых усходнеславянскіх народаў, прызнаны бяспрэчным. А між тым ніякіх дакументальных пасведчанняў, якія б пацвярджалі гэты факт, дагэтуль не выяўлена13...

Як ведама, яны [гуслі] часта называюцца ў беларускіх народных каляндарна-земляробчых і вясельных песнях, казках і паданнях, што можна разгледзіць як пасведчанне старажытнага паходжання інструмента14. Нярэдка гаворыцца аб ім у старажытнарускіх і старажытнабеларускіх літаратурных крыніцах... А між тым факт існавання ў беларусаў гусляў тыпу крылападобнай цытры не даказаны15...

На вялікі жаль, Е.Р.Раманаў, як і Н.І.Прывалаў, не азначыў нацыянальнасці асобы, у якога быў прыдбаны інструмент16, а такое азначэнне прадстаўляецца нам асабліва важным17, паколькі калекцыя народных музычных інструментаў Романова, як адзначана ім самым, сабраная ад беларусаў, латышей і габрэяў. Несумнеўна, змяшанае этнічнае асяродзе Себежскага і Люцынскага паветаў Віцебскай губерніі18 было вельмі спрыяльным для ўзаемадзеяння музычных традыцый розных народаў, а, такім чынам, і для выкарыстання імі адных і тых ж музычных інструментаў19...

Такім чынам, ні дадзеныя, апублікаваныя Прывалавым, ні рэчавы матэрыял, сабраны Прывалавым і Раманавым, не могуць разгледжвацца як прамы доказ існавання гусляў у беларусаў на карэннай тэрыторыі іх рассялення20.

Шматзначнасць тэрміну "гуслі" праследжваецца і на тэрыторыі РСФСР, у Смаленскай і Калінінскай абласцях21. Так, У.Н.Дабравольскі, які вывучаў заходнюю, пагранічную з Беларуссю частку Смаленшчыны, адзначыў назвы "гуслі" і "дудкі" як сінонімы22...

У адной з іх [з народных песняў] гаворыцца аб "двайчастых гуслях":

А я пайду, маладзенька,
У зілёную рошчу,
А я выкалю, маладзенька,
Кляновую доску,
А я здзелаю, маладзенька,
Двайчастыя гуслі.
Каму ў гуслі йграці,
Каму танцуваці?
Іванушкі ў гуслі йграць,
А Мар'і плясаць...

У.Дабравольскі, які запісаў гэтую песню на Смаленшчыне, патлумачыў: "Двайчастыи гусли - гусли в два ряда"23. Прымаючы да ўвагі пасведчанні К.Квіткі і Ф.Рубцова, можна допусціць, што гаворка ідзе аб парных дудках24.

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. - Мн.: Наука и техника, 1982. - 120 с., іл. // пераклад з рускай: А.Чумакоў.


Прывалаў Н.І. (Беларусь)

Струнныя інструманты. Псалтырныя.25 (...)26 Славяне, якія прыйшлі на ўсх. славянскія землі з паўднёва-заходняй стараны, значна пазьней за фінаў, на сваім шляху да Балтыцкага мора, урэзаліся ў фінскую масу, уступіўшы з ёй пасьля ў цесныя стасункі27.

Прынёсшы з сабой пракавечны свой інструмант гусьлі (ад дзеяслова "густи", г. зн. "гудзець"), славяне палюбілі таксама фінскае кантэле і мала-па-малу ўвялі яго ў сябе, перанёсшы на кантэле назоў "гусьлі", якія зьяўляюцца інструмантам зусім іншага тыпу, а ласьне - смычковым.

Паўднёва-славянскія гусьлі, якія і дагэтуль вельмі популярны ў сэрбаў, далматцаў, чорнагорцаў і часьцю ў баўгар, словам на Балканкім паўвостраве, зьяўляюцца прототыпам смычковага інструманту, занесенага з Усходу: гэта аднаструнная скрыпка, каторая пры іграньні трымаецца простападна - крыху пахіленай, як цяперашняя віёлянчэля (кодаб яе овальна напоўклубавідны, гл. рыс. 17 [мал. да артыкула]). Смычок - у форме лука, г. зн. прымітыўнай формы; нацёршы яго цяціву (зробленую з пучка валасоў з конскага хваста) смалой або каніфоляй, водзяць па такой жа валасянай адзінай струне інструманту; пальцамі-ж левай рукі націскаюць на струну, атрымліваючы рознагучную яе даўжыню, г. зн. тоны рознай музычнай вышыні. Заместа верхняй дэкі, інструмант зацягнуты скурай, словам поўнасьцю захаваны тып усходні, як арабскі "рабаб" (вынайдзены ў першым веку Арыстоталеўскай эры), ад якога і выводзіцца балканскі яго патомак. Ужытак гусьляў акурат такі-ж, як і ў арабаў, г. зн. пад нудны і гугнівы тэмбр струны пяюцца сьляпцамі-музыкамі выключна былінныя або гістарычныя песьні.

(...)28 Пасьля гэтага адступленьня, - вернемся да фінскіх гусьляў кантэле.

Запазычаны ўсходнімі славянамі гэты інструмант, які атрымаў, як сказана, старасьвецкі назоў гусьлі, стаўся надзвычайна популярным; гусьлі - раўняючы з кантэле - атрымалі ў славян некаторыя зьмены, пры гэтым да назову іх быў дададзены эпітэт званчатыя, з прычыны характэрнага спосабу іграньня-бразганьня па струнах; апошнія - для моцы - сталіся сталёвымі, дзякуючы чаму ўзмаглася сіла бразгавой рукі, якая часам трымала пры гэтым палачку, шчэпачку, костачку, абрэзаны кавалак арлінага пяра або іншы плектр. Левая рука, як і на кантэле, служыла дэмпфэрам-глушыцелем, пры гэтым пальцы яе ўкладаліся ў расшыраныя прошчалкі паміж струнамі. Лік апошніх у розных мясцох бываў ад 7 да 13.

Яшчэ ў нядаўныя часы трапляліся на мясцох гусьляры, якія выраблялі самі свой няхітры інструмант, пераняўшы мастацтва і музычны лад ад сваіх продкаў.

Гусьлі званчатыя пасьля трапілі ў агульны лік адбудаваных В.В. Андрэевым і мной рускіх народных інструмантаў і былі ўлучаны ў склад вялікарускага оркестру, - а таксама гучаць у постаці асобнага хору, як прыкладам цяпер у Пролетарскай Гусьлярнай Студыі фабрыкі "Чырвоны Трыкутнік" пад кіраўніцтвам Н.Н. Голасава.

На рыс. 19 [мал. да артыкула] падаю зьняты мною рысунак беларускіх гусьляў з Віцебшчыны, экзэмпляр з 13 мэталічнымі струнамі. Калочкі таксама жалезныя29. У верхняй дошцы прарэзаны "галасьнікі" ў постаці дробных круглых дзірачак. Працяг верхняй дошкі, над рэзонанснай скрынкай (у постаці адкрылка А) служыць пры іграньні для апоры локця левай рукі, якая прыглушае сваімі пальцамі струны інструманту. Гэты спосаб ясны, калі паглядзець на наступны рыс. 20 [мал. да артыкула], які выабражае музыку гусьляра. Часам адкрылку А ня робяць: гусьлі тады прымаюць выгляд кантэле30.

Лад гусьляў у аснове сваёй заключае дыятонічную мажорную гаму з пэдаляй, якая няўпынна гучыць (тонамі ў квінту, кварту або актаву ўніз - ад апошняй струны самай доўгай)31. Ёсьць на мясцох і розныя другія варыянты ладу, але аснова яго дыятонічны гукарад.

Найбольш пашыраны гэткі лад гусьляў: e, h, e', fis', gis', a', h', cis2, e2.32

У цяперашнія часы званчатыя гусьлі хоць яшчэ і сустрачаюцца на Беларусі33, але ўжо рэдка, - яны выходзяць з моды; на Украіне такога тыпу гусьляў і зусім няма.

Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. - ?, 192? // мова і правапіс захаваныя / малюнкі Прывалава Н.


Некаторыя выразы патрабуючыя тлумачэння:

а ласьне - а іменна;
простападна - вертыкальна;
у постаці - у выглядзе.


Палубінскене, Віда (Літва)

Заходне-аўкштайцкае і жэмайцкае канкляванне.34 ...Здараецца, што калкі пасля нацягвання струнаў слабнеюць35. Каб гэтага не адбылося, радзім калкі асцярожна знізу пастукаць ключом настройкі: яны тады глыбей усоўваюцца ў выразаныя адтуліны і не слабнеюць.

Калі пасля гэтага калкі струнаў не трымаюць, трэба іх асцярожна выкруціць і ўцерці ў адтуліну крэйды, якая паляпшае звязвальнасць калкоў з паверхняй адтулінаў і не дазваляе ім выкручвацца дзеля напругі струнаў.

Старыя гусляры не зналі ніякіх танацыяў, а канклі кожны настройваў як чуў са слыху або паводле дыяпазонаў смыку, пазней - гармонікі, акардэону ці нават піяніна, хоць разам з гэтымі інструментамі, апрача смыку, не гралі. Не парушым традыцыяў, калі гуслі будзем настройваць паводле гармоніка, смыку, акардэону ці нават піяніна. Аднак такая настройка - усё ж пазнейшая з'ява, бо смык у Літве ў гістарычных крыніцах згадваецца ад XVI ст., гармонікі ў нашых сядзібах з'явіліся ў 4-м дзесяцігоддзі ХІХ ст., а акардэон - толькі ў 1-й палове ХХ ст. Няма ніякіх сумневаў, што гусляры свае інструменты датуль настройвалі толькі са слыху. Таму было б найлепей, калі гусляры-пачаткоўцы ад самых пачаткаў былі б прызвычаеныя настройваць струны не адно паводле гучання іншых інструментаў, але і са слыху. Пагатоў, што цяперашнія музычныя інстурменты настроеныя тэмперавана, а дыяпазоны этнічнай музыкі (і канкляў у тым ліку) былі натуральныя.

Падаем адносіны тэмпераванай і натуральнай мажорнай гамы ў цэнтах36:

Бачым, што ўсе вялікія секунды тэмпераванай гамы міжсобку настроеныя ў адносінах на 200 цт, а малыя (яны абведзеныя рыскамі) - на 100 цт. Усе адносіны гукаў натуральнай гамы без малога розныя, бо, параўнаўча з тэмперацыяй, трэцяя, шостая і сёмая ступені (яны пазначаныя мінусамі) ніжэйшыя, а другая, чацвертая, пятая (пазначаныя плюсамі) - вышэйшыя.

Настроіўшы канклі паводле пададзенага прыкладу, іх дыяпазон меў бы быць натуральным, а канклі маюць гучаць больш-менш так, як яны гучалі ў руках старых гусляроў. Не маючы адмысловых прыладаў, гуслі да натуральнага гучання магчыма настроіць і са слыху. Калі яны перад гэтым былі настроеныя тэмперавана, нязначна адпусціце калок сёмай струны, трохі панізьце тэрцыю мажорнай гамы (7-ю струну). Ужо аднага гэтага будзе даволі, каб канклі гучалі чысцей. Калі хочаце яшчэ больш наблізіцца да натуральнага гучання, трэба нязначна павысіць шостую і дзявятую ды досыць адчувальна - восьмую струну. Пасля гэтага крыху паніжаем дзясятую, адзінаццатую струны і гучанне канкляў становіцца амаль натуральным.

Сувалькійскае канкляванне.37 Калі вы ўжо ўмееце граць на заходне-аўкштайцкіх і жэмайцкіх канклях, карыстаючыся ўсімі спосабамі грання, навучыцца граць на сувалькійскіх канклях будзе няцяжка, бо і сувалькійскія музыкі ўжывалі тыя сама становішчы пальцаў... шаснаццатыя ноты зачэпвалі пальцамі левай рукі, струны бралі не толькі ад сябе, але і да сябе. Іх гранне ад заходне-аўкштайцкага і жэмайцкага грання амаль нічым і не розніцца.

Пранас Паскунігіс і іншыя сувалькійскія гусляры, каб палегчыць гранне, выкарыстоўвалі нумарацыю (табулатуру). На папяровай стужачцы запісвалі лічбы так, каб, засунуўшы паперку пад струны пры правым скраі канкляў, кожная лічба супадала з адпаведнай струной:

Лічба на нотнай пяціліноўцы пазначае, каторую струну трэба браць, а лік над пяціліноўкай - колькі разоў. На жаль, такі спосаб запісвання не паказвае даўжыні гуку.

Palubinskienė, Vida Ethninės Veiklos Realijos: Tradicinio repertuaro kankliavimas. // пераклад з літоўскай: Алесь Мікус.


Назіна І.Дз. (Беларусь)

Цар Давід іграе ў гуслі. Фрагмент гравюры на тытульным лісце 2-й кнігі 'Царствы'. Прага. 1518Гуслі на Беларусі (тэрмін і рэаліі).38 У старабеларускай царкоўнай літаратуры XVI ст. слова "гуслі" асабліва часта ўжываецца разам са словам "псалтыр". Параўнаўчае апісанне інструментаў, вядомых пад гэтымі назвамі, дадзена ў "Прадмове да Псалтыра" Ф. Скарыны: "А зовћтся Псалтырь гудба (г. зн. музычны інструмент. - І. Н.), едина подобна к гуслям... Яко сам царь и пророк поет, глаголя: "Хвалите господа во Псалтыри и в гуслях!" И сего дня поставил ест царь Давид четырех вћликих ереов, - их же избрал от всех людей - Азафа и Емана, и Ефана, и Идифума, абы гудли (г. зн. ігралі. - І. Н.) ва Псалтыри пред киотом завета господня и псалмы абы припевали во вся часы, яко пишеть о том в первых книгах Паралипоменона.

Ест же той роздел Псалтыри от гуслей. Гуслћ имеють много струн, Псалтырь же только имать десеть струн, яко пишеть о том: "Хвалите господа во Псалтыри десятоструннћй!" На некаторых гравюрах Бібліі Ф. Скарыны змешчаны выявы цара Давіда, які трымае гуслі (арфападобны інструмент) у руках (тытульвы ліст 65 другой кнігі "Царствы", 1518 г. [гл. малюнак]; л. 1 і 16 "Псалтыра", 1517 г.). Першая з пералічаных гравюр мае подпіс: "Царь Давыдъ играеть въ гусле неся кивот Гасподень". Будучы неад'емным атрыбутам легендарнага цара Давіда, выканаўцы псалмоў і музыканта, інструмент гэты атрымаў назву "Давідавы гуслі"...

Назіна I. Дз. Гуслі на Беларусі (тэрмін і рэаліі) //
"Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння" -
Мн. "Навука і тэхніка", 1994 г. // мова і правапіс захаваныя


Пратасовіч Ян Бенедыкт (ВКЛ, 1608 г.)

Inventores Rerum. Арфа. Арыгінал (на старапольскай):

Arfe, te przyczytaja Merkuriuszowi,
Drudzy zas, a snadz lepiej, wola Dawidowi
Przypisowac, ze na niej on napierwszy grawal,
Kiedy przed krolem Saulem pospolu z nia stawal.
41

Пераклад на сучасную беларускую мову:

Арфу вымысліў, кажуць, ведаючы справу,
Бог Меркурый; Давіду вынаходства славу
Хтось прыпіша, бо першы гэты цар заняўся
З арфай, як за Саула песняй расцякаўся.

Jan Benedykt Protasowicz. Inventores Rerum, albo krotkie opisanie, kto co wynalazl i do uzywania ludziom podal. Jana Protasowicza na mohilnej w powiecie Pinskim lezacej. W Wilnie w drukarni Jana Karcana roku 1608. // Ян Бенедыкт Протасовіч. Inventores Rerum, альбо кароткае апісанне, кто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў. Яна Пратасовіча з Магільнай, што ў Пінскім павеце знаходзіцца. У Вільні, у друкарні Яна Карцана року 1608.
// пераклад Дзітрыха


Паветкін У.І. (Расія)

Інтэрв'ю на "Радыё Свабода" 10.08.2003. Першыя пасяленцы валодалі таксама самым складаным па канструкцыі для свайго часу смычковым музычным інструментам, які ў позняй традыцыі завецца "гудок". У старажытным Ноўгарадзе, верагодней за ўсё, ён меў агульную назву з шчыпковымі гуслямі, дакладна такую ж назву - гуслі. Увогуле, гісторыя Ноўгарада, пачатак старажытнага Ноўгарада, можна казать, звязаныя з арыстакратызмам. Таму што сярод невялікай калькасці рэчаў, якія адносяцца да ніжняга слоя, да матэрыковага культурнага слоя, сустракаецца цэлы шэраг менавіта музычных знаходак. У нас выяўленыя гудкі трохструнныя, гэта смычковыя музычныя інструменты, аднаструнныя - гэта таксама сенсацыйнае адкрыццё, з ліку гусляў выяўленыя шматструнныя так званыя гуслі-псалтыр, гуслі звончатыя, з невялікай колькасцю струнаў, веераабразна размешчаныя струны, так званыя крылападобныя, па позняй класіфікацыі. І выяўленая самая важная, сенсацыйная знаходка - гуслі лірападобныя39.

www.svoboda.org // пераклад з рускай: А.Чумакоў.


Клотыньш А., Муктупавэлс В. (Латвія)

З публікацый у часопісе Liaudies kultura. Хардафоны згаданыя ў 647-мі дайнах, гэта 41,8 прац. ад усіх тэкстаў дайнаў, звязаных з музыкальнымі інструмэнтамі. ...Згадваны ў дайнах найчасцей - гэта гуслі, kokle (274 дайны). Кантэксты, у якіх kokle згадваюцца, зразумелыя і досыць аднастайныя. 23 прац. дайнаў яны згадваюцца разам з абычаем выкрадання маладой нявесты: родзічы нявесты, шукаючы свае сястры і яе выкрадальнікаў, сутыкаюцца з крумкачом, што грае з kokle на дрэве, або з гуслярамі, што граюць з kokle на высокім пагорку; яны радзяць мужчынам, якім шляхам выпраўляцца. Апрача таго, крумкач выступае і апавядоўцам пра далейшыя падзеі. У 16-ці дайнах з kokle граюць розныя мітычныя істоты - Богавы сыны (Dievo deli; Dievs - асноўны нябесны бог латыскай міталёгіі), Яніс (таксама "Богаў сын", звязаны з рытуаламі плоднасці сярэдзіны лета) і Сонца (Saule; увасобленае мітычнае сонца). У 45-ці дайнах ідзецца пра гук kokle і пра самое гранне з імі як пра эстэтычную зьяву. Гучанне kokle можа быць і вясёлым, і журботным, часта як лірычны фон аплаквання, калі памёр бацька ці маці. Кokle згадваюцца толькі ў дзесяцёх пастуховых дайнах, і толькі ў трох (1 прац.) яны згаданыя як інструмэнт, што суправаджае скокі. Існуе вельмі многа варыянтаў латыскай баляды "Спеўныя косці" (Dziedosie kauli): агулам 39. У дайнах малодшая дачка тоне, рака яе адносіць у мора, а воды мора выносяць на бераг, і ў тым месца вырастае ліпа. Браты робяць з тае ліпы kokle, а маці ў іх гучанні пазнае голас свайго дзіця. Значна тое, што kokle - гэта інструмэнт, з дапамогай якога чалавек можа дачыняцца з надпрыроднымі сіламі. Па- другое, гэта інструмэнт, да чыйго голасу найбліжэйшы менавіта чалавечы голас. Гэтую думку падтрымліваюць латыскія дайны, дзе ідзецца, што kokle вырабляюць толькі з ліпы ці дубу, а ў традыцыйнай свядомасці абодва гэтыя дрэвы лічыцца татэмнымі (ліпа адпавядае жаночаму, дуб - мужчынскаму полу)40.

Arnolds KLOTIŅŠ, Valdis MUKTUPĀVELS.
Tradiciniai muzikos instrumentai ir jų funkcijų latvių liaudies dainose semantika
(Традыцыйныя музычныя інструмэнты і сэмантыка іх функцыяў у латыскіх народных дайнах)
// Liaudies kultūra, №4, 2001. Стар. 36. // пераклад з літоўскай: Алесь Мікус.


Каментарыі да цытуемых крыніц

Паветкін У.І. (Расія)

1 З тэрміналогіяй Паветкіна я цалкам не згодны. "Крылавіднымі гуслямі" я мушу называць гуслі з акрылкам. Гуслі жа, падобныя на гуслі "Славіша" я прапаную называць "гуслямі з ігравым акном".

2 Гэтая знаходка - навуковая падстава для эксперымента з выбарам дрэва для дэкі, аднак гэта яшчэ не паццверджанне таму, што дубовая дэка ў наўгародскіх гусляў XIв. тыповая з'ява.

3 Маё стаўленне да сучкоў супадае яшчэ з пазіцыяй Д.Вуціса. Ён казаў, што пазбягаць сучкоў у выбары матэрыяла для гусляў не трэба. Нават калі сучок вываліцца, гук інструмента стане толькі больш цікавым і своеасаблівым.

4 Дарэчы, пра цвікі. Часта сучасныя расейскія майстры абапіраючыся на этнаграфічныя знаходкі мінулага стагоддзя, выкарыстоўваюць для прымацавання дэкі металічныя цвікі. Што ж магу вам прапанаваць такі погляд: вырабляючы гуслі больш даўнія за гуслі XX стагоддзя, майце на ўвазе, што нашыя далёкія продкі мелі больш высокую культуру адносін да музычных інструментаў.

5 Тут з верагоднаццю такой настройкі дазволю сабе не пагадзіцца. Абапіраючыся на працу А.С.Фамінцына "Домра..." (трэці том у выданні 1995 г. "Скамарохаў на Русі"), флажалетная ігра на струнных інструментах упершыню сустракаецца ў практыцы рускіх гітарыстаў XIX ст. Напрыклад, эстонцы, аднаўляючы старадаўнюю традыцыю грання на каннелі, ўсё ж выкарыстоўваюць тэхніку грання абертанамі, але строй эстонскай каннелі паслядоўны (дыятанічны). Пры тым, што строй архаічных песняў увогуле невялікі па дыапазоне (не больш за квінту) верагоднасць настройкі гусляў па абертанах рызыкну аспрэчыць. Прапаную лічыць гэта пытанне спрэчным і вылучаю яго для асобнага спецыяльнага даследвання.

Саха Х. (Фінляндыя)

6 Дзе бы знайсці гэтую "вялікую колькасць"?

7 Наколькі я зразумеў з цалкам прачытанага тэксту, пад "механізаванымі кантэле" маецца на ўвазе ўсё: і акордныя планкі (на манер цытры), і калковы механізм (на манер гітарнага), і іншыя - ЛЮБЫЯ - сучасныя з'явы. Звернеце ўвагу, калі ласка: аўтар папросту вынес усё сучаснае з асяроддзя старых традыцыйных інструментаў. Уся гэтая позняя аркестровая "мадэрнізацыя" не палепшыла кантэле, а стварыла цалкам новы інструмент. Мода/патрэбнасць на удасканаленне традыцыйных музычных інструментаў ва многіх краінах папросту знішчыла гэтыя самыя традыцыйныя інструменты. Гэта варта памятаць і ўмець ставіць мяжу між традыцияй і мадэрнізацыяй, як гэта свядома робіць аўтар.

8 Толькі ўявіце сабе гэта гучанне. Сапраўдны архаічны джаз!

Мехнецоў А.М. (Расія)

9 Т.е. практычна за любымі струннымі інструментамі.

10 А вось у працах большасці нацыяналістычна настроенных даследчыкаў фінаў, эстонцаў, латышоў і літоўцаў вы знойдзеце, што іх традыцыйныя інструменты наадварот вельмі моцна адрозньваецца ад рускіх і канструктыўна, і ў ужыванні... Пячатка часу...

11 Заблытанае тлумачэнне, але пакуль найбольш дакладнае з тых, што я пакуль сустрэў.

Назіна І.Дз. (Беларусь)

12 Тэрмін "крылападобная цытра" выкарыстаны І.Дз. Назінай зыходзячы з класіфікацыі інструментаў Хорнбастэля-Закса (пач. XX стагоддзя). Хачу звярнуць увагу на тое, што цытра, г.зн. шматструнныя, мадэрнізаваныя гуслі з акорднымі планкамі, - біч усёй гусельнай традыцыі. Цытра выціснула ва многіх краінах гусельную інструментальную культуру гэтак жа, як, напрыклад, гармонікі і балалайкі цалкам знішчылі беларускую "дударскую" традыцыю ("дуда" - бел. "валынка"). І зваць гуслі цытрай з гэтых меркаванняў некалькі некарэктна. У наш час вобласць ужывання тэрміну "крылападобныя гуслі" значна пашырылася, і звяртацца да класіфікацыі Хорнбастэля-Закса ўжо няма неабходнасці.

13 Узгадваюцца гуслі ў даўніх літаратурных крыніцах паўсюдна, але звестак аб канструктыўных асаблівасцях няшмат. Але нават апісанні, якія прамільгваюць ў фальклоры ўжо выступаюць як укоснае пасведчанне... Казаць, што інструменту не было, калі падрабязнага апісання няма - неправільна.

14 Вельмі правільная на мой погляд пазіцыя. На аснове гэтага ўжо можна разглядаць гуслі як беларускі інструмент, высвятляючы толькі калі, якімі яны былі і г.д.

15 Гл. пункт 12. Тэрміналогія вельмі непрыгожая.

16 Апісанне трох інструментаў з калекцыі Н.І.Прывалава і аднога з калекцыі Е.Р.Раманава, прыведзенныя ў тэксце І.Д.Назінай, мною апушчаныя, з-за іх непоўнасці. Поўная атрыбуцыя гэтых інструментаў захоўваецца ў Санкт-Пецярбурзе - я апублікую яе па магчымасці.

17 Рызыкну аспрэчыць. Указанне нацыянальнасці асобы ў якой, прыдбаны інструмент ні аб чым не сведчыць. У Беларусі адвеку стагоддзяў жывуць, перемешаныя, каля дзесятка народносцяў, традыцыі якіх сплецены ў адзін клубок. Гэты "клубок" варта разглядаць як беларускія традыцыі, калі няма прамых указанняў на тое, што тая або іншая з'ява прывезена з іншай мясцовасці ў межах жыцця разгледжваемага носьбіту традыцыі.

18 Паветы, дзе узгаданымі этнографамі былі прыдбаныя інструменты.

19 Чаму бы толькі на аснове гэтага не далучыць у беларускі музычны інструментарый латгальские куклес, аб якіх ідзе гаворка, іншымі словамі - крылавідныя гуслі, апісаныя Прывалавым (завіце іх як заўгодна, абы не "цытрай"). Латышы ў свой інструментарый - іх далучылі, хоць і гралі на куклес толькі ў Латгаліі, а далёка не па ўсёй Латвіі. А сярод латгалаў - ужо прабачце - заўсёды хапала беларусаў.

20 Што ж Іна Дзмітрыеўна лічыць "кареннай тэрыторыяй рассялення" беларусаў? Ад гэтага тэрміну, па ісце, залежыць прыняць гуслі ў инструментарий беларусаў або не. Адам Міцкевіч, напрыклад, у XIX стагоддзі пад "тэрыторыю рассялення беларусаў" прыводзіць трыкутнік: "Вільня (зараз Вільнюс, Літва) на захадзе/Смаленск (зараз Расія) на ўсходзе/Пскоў (зараз Расія) на поўначы. Такія межы запрашаюць задумацца сучаснага беларуса, ці не "прапусціў" ён нешта важнае за апошнія паўтара-два стагоддзі...

21 Цалкам абгрунтавана вывучаючы гэтыя вобласці, Іна Дзмітрыеўна ні словам не абмовілася пра "этнаграфічную Беларусь". Гэта зняло б усе дадатковыя пытанні, якія ўзніклі ў мяне як у чытача. Але яна не тлумачыць, чаму выкарыстоўвае як доказы сваёй гіпотэзы звесткі, сабраныя на тэрыторыі іншай дзяржавы. Крытыкуючы Прывалава, які кажа, што на Віцебшчыне на гуслях гралі, як беларусы так і латышы, - яна бярэ потым свае доказы з даследванняў Дабравольскага на Смаленшчыне...

22 Г.зн. "гуслямі" або "дудкамі" просты народ мог зваць, па ісце, любую музычную прыладу, як зараз, напрыклад, у народзе існуюць у гэтым значэнні словы "балалайка", "гудзёлка", "трындзелка" і іншая этнаграфічна асаблівая і непаўторная лексіка. Выдатны доказ адсутнасці гусляў у беларускай музычнай культуры. Зрэшты, наступныя "доказы" будуць яшчэ больш цікавыя.

23 Мехнецоў А.М. (Фальклорна-этнаграфічны цэнтр, Санкт-Пецярбург), у асабістай размове паведаміў, што "гусли в два ряда" або "двайчастыя гуслі" - распаўсюджаная назва гусляў. І дадаў, што ніякіх версій аб флейтах проста быць не можа.

24 Традыцыя вырабу гусляў з кляновых дошак бясспрэчна існуе. Выраб жа флейтаў з кляновай дошкі з'ява ў некаторай ступені незвычайная і ўнікальная...

Прывалаў Н.І. (Беларусь)

25 Адчуваю велізарную павагу да даследчыка, які вывучаючы культуру Беларусі, вывучыў і беларускую мову. Размаўляў на ёй і пісаў кнігі. Прыводжу гэты фрагмент у арыгінале - гэта сапраўды выдатна.

26 На пачатку артыкула аўтар прыводзіць трохі некарэктную гіпотэзу аб тым, як патрапілі гуслі да фінаў. Таму, што ў аснову гэтай гіпотэзы ляглі некаторыя відавочныя гістарычныя памылкі, я яе не прыводжу. Асноўны сэнс гіпотэзы (а вось тут ужо ў мяне пярэчанняў няма) - фіны, як народ, які перасяліўся ў свой час з усходу, запазычылі кантэле ў кітайцаў, якія ведалі інструмент падобнага тыпу - гуцынь - яшчэ да нашай эры.

27Для беларусаў тут добра было б пэўна прывесці гісторыю ўзаемаадносіны балтаў і славянаў.

28 Тут апушчаны невялічкі фрагмент аб гудку з-за дужага адыходу ў бок ад гусельнай тэмы. Сэнс апушчанага фрагмента ў тым, што аднаструнныя паўднёва-славянскія гуслі сталі прамым прататыпам смычковага гудку, а зусім не шматструнных шчыпковых гусляў кантэле.

29 Прывалаў пры жыцці, як этнограф і калекцыянер заспеў той перыяд, калі ў народных гуслях мелі шырокае распаўсюджанне металічныя калкі. Варта быць да гэтага гатовым. Насамрэч, выкарыстанне металічных калкоў для прывалаўскага часу - з'ява адносна новая, хоць ужо і досыць распаўсюджаная.

30 З-за гэтага выказвання (прыведзенага у першай рэдакцыі манаграфіі І.Дз. Назінай) я калісьці і пачаў шукаць Прывалаўскі арыгінал. Я скланяюся да таго, што яго гіпотэза, аб паходжанні гусляў ад кантэле, а тых, у сваю чаргу, нейкім чынам ад гуцынь крайне праўдападобная.

31 Гаворка ідзе пра бурдонныя струны.

32 Строй прынцыпова супадае са строем, які я выкарыстоўваю ў сваіх інструментах. Мною строй быў пераняты ў майстра Д. Вуціса (Латвія). Адметнае ў Прывалаўскім строі - адсутнасць сёмай ступені ў диятоніцы (эканомія струны, яна й сапраўды вельмі рэдка выкарыстаецца ў найгрышах) і бурдоны - актавай ніжэй асноўных струн - тоніка і квінта. Гэта найбольш выгодны і традыцыйны строй для 9-струннага інструмента. Таксама прыемны і традыцыйны гук атрымліваецца для дыятонікі до і рэ. Верхнія струны вышэй ноты мі - непрактычны (і гучаць брыдка, і ірвуцца часта), а ніжнія - чым ніжэй, тым цішэй, таму звычайна выкарыстоўваюцца настройкі ў дыятонікі до, рэ і мі.

33 Гэты факт і многія іншыя моманты, якія апісваюць гуслі, як беларускі народны інструмент, І.Д. Назіна аспрэчвае ў сваіх працах. Аргументуючы гэта тым, што Н.Прывалаў - недабрасумленны даследчык і не прадставіў свае нагляды па ўсіх правілах. Шкада, што гэты пункт гледжання падтрымліваецца і ўспрымаецца без ганьбавання ў Беларусі і за яе межамі.

Палубінскене В. (Літва)

34 Канкляванне - гранне на гуслях (ад літоўскай назвы гуслі - kankles). Жэмайція і заходняя Аўкштайція - адпаведна заходняя і цэнтравая тэрыторыі сучаснай Літвы.

35 Тут і далей па цытатах з Vida Palubinskienė ідзе размова толькі аб жалезных калках.

36 Цэнт - у данным выпадку адзінка, на сотку якіх падзяляецца адзін паўтон. Паглядзіце на малюнак і ўявіце сабе, на колькі цікавае гучанне ў ноткі "фа" пры яе +40 ад тэмпераванага стану.

37 Сувалькія - у артыкуле маюцца на ўвазе паўднёва-заходнія тэрыторыі сучаснай Літвы памежныя з сучаснай Польшчай.

Назіна І. Дз. (Беларусь)

38 У гэтым артыкуле Інна Дзмітрыеўна піша, што калі гуслі і былі на Беларусі, то верагодна пад іншай назвай, бо назва "гуслі" - збіральная, і ў смаленска-полацкіх крывічоў так мог называцца музычны інструмент наогул (г. зн. любы музычны інструмент).

Верагодна, што ў гусляў была на Беларусі свая ўласная назва, і тут трэба звярнуць увагу на працы Ф. Скарыны. На прадстаўленай гравюры - выява звычайнай сярэднявечнай арфы, пры чым настолькі падрабязная, што зрабіць тую выяву мог толькі чалавек, які калісці хоць трымаў такую арфу ў руках. На гравюры праглядаюцца калкі, рэзанатар, месцы, дзе струны абапіраюцца аб рэзанатар... Звычайны мастак-афарміцель таго часу апусціў бы гэтыя дэталі. Можна прапанаваць меркаванне аб тым, што Скарына нават добра ведаў сярэднявечную арфу. Разам з гэтым прачытаўшы скарынаўскі параўнаўчы аналіз арфы (давыдавых гусляў) з псалтырам (гуслямі) - пераконваюсь, што і са звычайнымі традыцыйнымі крылападобнымі 10-струннымі гуслямі Скарына быў знаёмы. Хоць трошкі - але гарантавана знаёмы.

Паветкін У.І. (Расія)

39 Гэтыя гуслі ў сваіх ранніх публікацыях У.І. Паветкін называў "крылападобнымі". Як больш дакладная назва тады выкарыстоўвалася грувасткае "гуслі з ігравым вакном". Тэрмін "лірападобныя гуслі" даўно круціўса на языке.

Клотыньш А., Муктупавэлс В. (Латвія)

40 Беларускія народныя інструменты таксама часта вырабляліся з дуба ці ліпы. На пытанне: "як такія інструменты гучаць?" - Алесь Лось (беларускі музыка і даследчык беларускіх народных музычных традыцый) адказаў, что для сучаснага музыкі яны гучаць занадта ціха і "нецікава", і ўсё за тое, што гэтыя інструменты раней выконвалі выключна сакральную функцыю.

Пратасовіч Ян Бенедыкт (ВКЛ, 1608)

41 Гатая крыніца ў дадатак да папярэдняй. З выдання Скарынаўскіх "Царстваў" з выявай цара Давіда з арфай (гуслямі) праходзіць 90 год, і жыхар Пінскага павету Ян Пратасовіч называе арфу - арфай. Калі быў узгаданы Давід - відавочна, што размова ідзе пра той жа самы інструмент... Цалкам магчымы варыянт, які напрошваецца пасля чытання артыкула І. Дз. Назінай "Гуслі на Беларусі (тэрмін і рэаліі)", што гуслі - тыповая паўночна беларуская назва музычнага інструмента прычапляецца да арфы. А магчыма, што гэта сказваецца ўплыў чэскага арыгінала бібліі (як вядома ў Скарынаўскім перакладзе шмат чаго заблытана менавіта з-за таго, што арыгінал быў чэскім).

Алесь Чумакоў. Менск. 2006 год.

Rating All.BY Находится в каталоге Апорт



E-mail для кантактаў: edellin@mail.ru
Больш даведацца пра беларускую гусельную музыку
можна на сайце гурта сярэднявечнай беларускай музыкі
Стары Ольса: staryolsa.com.

Hosted by uCoz